СУ́ВЯЗІ МЕХАНІ́ЧНЫЯ,
абмежаванні, якія накладваюцца на становішча або рух мех. сістэмы. Звычайна выяўляюцца з дапамогай якіх-н. цел (напр., троса ці стрыжня, на якіх падвешаны груз; паверхні, па якой рухаецца цела; шарніраў, што звязваюць звёны механізмаў; падшыпнікаў). С.м., якія накладваюць абмежаванні толькі на становішчы (або перамяшчэнні за час руху), наз. геаметрычнымі; С.м., якія накладваюць абмежаванні і на скорасці пунктаў сістэмы, — кінематычнымі. С.м., для якіх сума элементарных работ усіх рэакцый сувязей на кожным магчымым перамяшчэнні сістэмы роўная нулю, наз. ідэальнымі (напр., ідэальна гладкая паверхня, на якой адсутнічае трэнне).
т. 15, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)